2023 г. — 50 гадоў з часу заснавання заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага хору «Крыніца» Столінскага гарадскога Дома культуры (1973)
Пры Столінскім раённым Доме культуры ў 1973 г. быў створаны самадзейны харавы калектыў. Яго арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком быў Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі. Калектыў, які аб’яднаў апантаных людзей, якія не ўяўлялі свайго жыцця без народнай творчасці, музыкі і песні, ад года ў год развіваўся, сталеў, удасканальваў свае выканальніцкае майстэрства.
Асноўныя накірункі творчасці – адраджэнне, захаванне, развіццё і папулярызацыя песеннай спадчыны Століншчыны і Беларусі. Хор стаў лаўрэатам I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975–1977). У 1977 г. за творчыя дасягненні і актыўную канцэртную дзейнасць хору «Крыніца» было прысвоена ганаровае званне «Народны самадзейны калектыў», якое ён нязменна пацвярджае.
23 студзеня 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Алены Канстанцінаўны Аўсянік (1945–2020), работніка культуры, ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна
Алена Канстанцінаўна Аўсянік нарадзілася 23 студзеня 1945 г. у вёсцы Струга Столінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У сялянскай сям’і любілі песню, маці спявала ў царкоўным хоры, у фальклорным калектыве. Галіна ў чатырнаццаць гадоў пачала працаваць бібліятэкарам у Столінскай дзіцячай бібліятэцы, вучылася ў вячэрняй школе, актыўна ўдзельнічала ў аматарскай мастацкай творчасці.